Воскресенье, Ноябрь 17, 2019
Text Size

Кодэкс — гэта істотна дапоўнены звод дакументаў аб адукацыі, якія былі прынятыя ў нашай рэспубліцы раней. Яго распрацоўка дазволіла завяршыць працэс фарміравання заканадаўства аб адукацыі як поўнай і лагічна паслядоўнай сістэмы. Бо, як гэта ні дзіўна, але ж у нас да гэтага часу не было законаў, па якіх працавалі б узроўні дашкольнай, сярэдняй спецыяльнай адукацыі, дадатковая адукацыя дзяцей і дарослых. Зараз у Кодэксе іх дзейнасць падрабязна апісваецца. Змест Кодэкса не прадугледжвае нейкіх рэвалюцыйных змен у дзейным заканадаўстве. Тым больш што рэформ у апошнія часы ў адукацыйнай сферы было шмат, і людзі іх ужо не хочуць. Таму адна з асноўных задач, якія вырашаюцца з дапамогай Кодэкса, — забяспечыць стабільнасць нацыянальнай сістэмы адукацыі.
Разам з тым, Кодэкс арыентаваны ў будучыню. Яго прававыя нормы накіраваныя на павышэнне якасці адукацыі, далейшае ўмацаванне прэстыжу беларускай адукацыі на сусветным узроўні. І што вельмі значна — Кодэкс арганічна ўпісваецца ў сярэднетэрміновыя і доўгатэрміновыя планы сацыяльна-эканамічнага развіцця нашай дзяржавы.
Дакумент структурна складаецца з Агульнай і Асаблівай частак і ўключае 17 раздзелаў, 63 главы і 295 артыкулаў. Яго аб’ём — 352 старонкі.
У Агульную частку ўключаны артыкулы, у якіх тлумачацца агульныя для ўсіх узроўняў адукацыі пытанні. У прыватнасці: раскрываюцца правы і абавязкі вучняў і студэнтаў, іх бацькоў, настаўнікаў; дадзены поўны пералік дагавораў у сістэме адукацыі; прыведзены патрабаванні да адукацыйнага працэсу пры ўмове забеспячэння яго якасці; уводзіцца дысцыплінарная адказнасць навучэнцаў; паказаны спосабы фінансавання і матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння сістэмы адукацыі.
Змест Асаблівай часткі ўключае раздзелы, якія забяспечваюць прававое рэгуляванне сістэм дашкольнай, агульнай сярэдняй, прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай, вышэйшай адукацыі, адукацыі пасля вну, дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, дадатковай адукацыі дарослых, спецыяльнай адукацыі, падтрымкі асобных катэгорый дзяцей.

Як можна будзе атрымаць адукацыю ў нашай краіне?

Згодна з Кодэксам, дзяржаўная палітыка ў галіне адукацыі грунтуецца на прынцыпах прыярытэту агульначалавечых каштоўнасцяў, правоў чалавека, гуманістычнага характару адукацыі; забеспячэння роўнай даступнасці да атрымання адукацыі; падтрымкі і развіцця адукацыі з улікам задач сацыяльна-эканамічнага развіцця дзяржавы; дзяржаўна-грамадскага характару кіравання; свецкага характару адукацыі.
У Рэспубліцы Беларусь кожны (і беларус, і замежнік) будзе мець права на адукацыю. Для рэалізацыі гэтага права забяспечваецца развіццё сеткі ўстаноў адукацыі, захаванне бюджэтнага фінансавання, удасканаленне сістэмы крэдытавання грамадзян, якія ўпершыню атрымліваюць адукацыю.
З улікам новага прынцыпу ў адукацыі, а менавіта: "Адукацыя праз усё жыццё", мы павінны пастаянна вучыцца, не толькі маладымі, але і дарослымі. Таму, згодна з Кодэксам, у нашай краіне будуць ажыццяўляцца праграмы падрыхтоўкі, перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі, у тым ліку ў саміх арганізацыях; будуць праводзіцца вучэбныя курсы (лекторыі, тэматычныя семінары, трэнінгі, практыкумы і іншае), адукацыйныя праграмы ўдасканалення магчымасцяў і здольнасцяў асобы. Прычым вучыцца можна будзе як ва ўстановах, так і не выходзячы з дому.
Адукацыя ў нашай краіне ўжо даступная кожнаму. Прыклад таму — стварэнне сістэмы спецыяльнай адукацыі. Асобы з асаблівасцямі ў фізічным і псіхічным развіцці прызнаюцца здольнымі да вучобы, а сістэма спецыяльнай адукацыі будзе спрыяць іх падрыхтоўцы да працоўнай дзейнасці, сямейнага жыцця, сацыялізацыі і інтэграцыі ў грамадства. Таму ў Кодэкс практычна без змен перайшлі нормы дзейнага Закона "Аб адукацыі асоб з асаблівасцямі ў псіхафізічным развіцці", у свой час прызнанага замежнымі экспертамі адным з лепшых на еўрапейскай прасторы.
Як і асаблівым дзецям, падтрымка з боку дзяржавы будзе аказвацца дзецям, якія дасягнулі высокіх паказчыкаў у вучэбнай і грамадскай працы; тым, хто мае патрэбу ў аздараўленні; дзецям, якія знаходзяцца ў сацыяльна-небяспечным становішчы; тым, хто мае патрэбу ў спецыяльных умовах выхавання. Яны таксама па-свойму ўнікальныя і патрабуюць асаблівага клопату з боку дзяржавы. Таму цэлы раздзел Кодэкса прысвечаны вырашэнню гэтых праблем.
Такім чынам, Кодэкс ахоплівае прававымі нормамі ўсю сістэму адукацыі (ад дашкольнай да адукацыі дарослых) і дае магчымасць атрымаць адукацыю любога ўзроўню кожнаму жыхару, незалежна ад яго ўзросту, жыццёвай сітуацыі, сацыяльнага статусу, здароўя, заробку, месца жыхарства. Умовы створаны ўсім: вясковым і гарадскім, маладым і ў гадах, здаровым і з асаблівасцямі. У гэтым дакуменце захаваны лепшыя здабыткі беларускай адукацыі (нацыянальныя рысы, дзяржаўная падтрымка, даступнасць, бясплатнасць, справядлівасць пры паступленні на вучобу, стабільнасць функцыянавання, улік сацыяльна-эканамічных умоў).

На якой мове можна будзе атрымаць адукацыю?

З улікам таго, што ў нашай рэспубліцы дзяржаўнымі мовамі з’яўляюцца беларуская і руская мовы, у Кодэксе дэкларуецца іх роўнасць у адукацыі. Дзяржава гарантуе грамадзянам права выбару навучання і выхавання на адной з дзяржаўных моў Рэспублікі Беларусь і стварае ўмовы для рэалізацыі гэтага права. Мова навучання і выхавання вызначаецца заснавальнікам з улікам пажаданняў навучэнцаў або іх бацькоў.
Пры атрыманні прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі вывучэнне беларускай мовы з’яўляецца абавязковым.
Па жаданні навучэнцаў або іх бацькоў могуць стварацца групы, класы, дзіцячыя садкі, школы, у якіх навучанне і выхаванне ажыццяўляюцца на мове нацыянальнай меншасці або вывучаецца мова нацыянальнай меншасці.
Абавязковая для вывучэння замежная мова вызначаецца заснавальнікам з улікам патрэб дзяржавы і магчымасцяў установы адукацыі.
Больш за тое, пры наяўнасці ўмоў (перш за ўсё наяўнасці выкладчыкаў, здольных свабодна тлумачыць матэрыял на замежнай мове) вучыцца можна будзе не толькі на беларускай ці рускай, але і на любой іншай мове. Напрыклад, засвоіць спецыяльнасць на англійскай, іспанскай ці кітайскай. Гэта дазволіць нашым выпускнікам стаць больш запатрабаванымі не толькі на ўнутраным, але і на міжнародным рынку працы. Акрамя таго, пры такой арганізацыі навучання магчыма павышэнне інтарэсу да беларускіх вну сярод замежных абітурыентаў.

Рэформаў Кодэкс не прадугледжвае, але з яго прыняццем нейкія змены ўсё ж адбудуцца ў нашых школах?

З’явяцца новыя віды школ: кадэцкія вучылішчы, сярэднія школы-вучылішчы алімпійскага рэзерву, гімназіі-інтэрнаты. У кадэцкіх вучылішчах, якія будуць ажыццяўляць падрыхтоўку падлеткаў да службы ў арміі, органах МУС і МНС, навучанне пачнецца з 8 класа, у гімназіях-інтэрнатах для таленавітых дзяцей, якія апынуліся ў складанай жыццёвай сітуацыі, — з 5 класа, у сярэдніх школах-вучылішчах алімпійскага рэзерву — з 1 класа. Будуць захаваныя базавыя школы-каледжы мастацтваў, сярэднія школы-каледжы мастацтваў і гімназіі-каледжы мастацтваў, міжшкольныя вучэбна-вытворчыя камбінаты працоўнага навучання і прафарыентацыі, а таксама міжшкольныя цэнтры дапрызыўнай падрыхтоўкі. Ва ўсіх гімназіях будуць працаваць пачатковыя класы.
Афіцыйна замацаваны 11-гадовы перыяд школьнага навучання, пяцідзёнка, 10-бальная шкала ацэньвання ведаў. Прычым дрэнная адзнака ў школе будзе толькі адна — 0, усе астатнія, нават 1 і 2, — станоўчыя.
Вучыць школьнікаў будуць на ўроках, факультатывах, стымулюючых і падтрымліваючых занятках, з дапамогай кансультацый і грамадска-карыснай працы. На павышаным узроўні прадметы будуць вывучацца толькі ў гімназіях, ліцэях, Мінскім сувораўскім вучылішчы. У звычайных школах павышаны ўзровень навучання будзе забяспечвацца з дапамогай факультатываў.
Вучэбныя заняткі па фізкультуры будуць праводзіцца, як правіла, асобна для хлопчыкаў (юнакоў) і дзяўчынак (дзяўчат).
Максімальная напаўняльнасць класаў у звычайных школах і кадэцкіх вучылішчах — да 25, ва ўсіх астатніх — да 20 вучняў. Навучальны год пачынаецца 1 верасня і заканчваецца 31 мая. Летнія канікулы ўстаноўлены не менш за 12 тыдняў, а канікулы на працягу года — не менш за 30 каляндарных дзён.
У 1 клас будуць прымаць тых дзяцей, якім да 1 верасня споўнілася 6 гадоў і больш. Але па жаданні бацькоў дапускаецца прыём дзяцей, якім 6 гадоў споўніцца ў перыяд з 1 верасня па 30 верасня ўключна.
Для захавання невялікіх вясковых школ рашэнне аб іх закрыцці будзе прымацца мясцовымі органамі ўлады на аснове ацэнкі наступстваў такога закрыцця і толькі пасля ўзгаднення з Міністэрствам адукацыі.