Пятница, Ноябрь 15, 2019
Text Size

Сусветны дзень абароны жывёл

Штогод 4 кастрычніка ва ўсім свеце адзначаецца Сусветны дзень абароны жывёл. Гэтая дата абраная невыпадкова, таму што гэты дзень вядомы як дзень памяці каталіцкага святога Францыска Асізскага, які лічыцца заступнікам жывёл. Рашэнне адзначаць гэты дзень было прынята ў 1931 годзе ў Фларэнцыі на міжнародным кангрэсе прыхільнікаў руху ў абарону прыроды. У нашай краіне Сусветны дзень абароны жывёл адзначаецца, пачынаючы з 2000 года. Арганізатары мерапрыемстваў, якія адбываюцца ў гэты дзень, заклікаюць усіх жыхароў нашай краіны да больш асцярожнага звароту да жывой прыроды ў цэлым і  да жывёл – у прыватнасці. Вучням нашай школы было прапанавана таксама далучыцца да Сусветнага дня аховы жывёл, прыняўшы ўдзел у літаратурным конкурсе “Мяккая лапа”, дзе яны маглі напісаць пра сваю хатнюю жывёлу, сустрэчу з ёй, пра сяброўства з маленькімі гадаванцамі, пра любоў да пушыстага-хвастатага ці пра тое, як важна дапамагаць жывёлам, якія апынуліся на вуліцы. 4 кастрычніка, у чацвер, былі падведзены вынікі конкурсу. Журы аднагалосна аддала перавагу вершу “Сапраўдная гісторыя”, які напісала Філіпава Яна, вучаніца 6 “В” класа, узяўшы за аснову рэальную гісторыю са свайго жыцця.

Сапраўдная гісторыя

Восень, холад, дождж і вецер.

Каля дома сорак шэсць

Сумны, як адзіны ў свеце,

Кот сядзеў – густая шэрсць.

 

Вочы сінія, як неба,

Погляд мудры нас спыніў.

Быццам фарбай чарадзейнай

Нехта вусы пабяліў.

 

 

Як жа тут ты апынуўся?

Гаспадар твой дзе і дом?

Нехта кажа: “Ён згубіўся,

Стаў у падвале жыхаром”.

 

Слёз стрымаць тут немагчыма!

Як так можа ў свеце быць,

Што жывёлу з хаты людзі

Могуць узяць ды адпусціць?

 

“Мама, тата, ён жа змерзне

Лютай снежнаю зімой.

Знойдзем дом кату –

Хто-небудзь возьме шэрага дамоў!”

 

Мы аб’яву далі разам

Разаслалі на ўвесь свет.

Верылі, што добрым часам

Дапаможа інтэрнэт.

 

І аднойчы нечакана

Зазваніў наш тэлефон!

“Мы шукалі сябра доўга,

Нам патрэбен толькі ён!”

 

Домам усім ката збіралі,

Напаілі малаком,

У той жа вечар атрымалі

Фотаздымак у альбом.

 

Сябар наш пушысты, чысты,

У хаце цёплай коўдра, плед.

Вочы ззяюць прамяніста,

Любіць ён увесь белы свет.

 

Мяккай лапкай дакрануўся

Да сардэц усіх людзей.

Я жадаю, каб у свеце

Да жывёл былі дабрэй.