Пятница, Декабрь 13, 2019
Text Size

Інтэлектуальнай гульні “Мова”

Не проста ў словы я гуляю - 
На мове роднай размаўляю… 

Мікола Мятліцкі 

       Што такое  мова? З  аднаго боку – гэта  сродак зносін, з другога – прыкмета ідэнтычнасці і самабытнасці нацыі.  Мова яднае нас у народ, які носіць прыгожае імя – беларусы.  Яшчэ 125  год таму беларускі паэт-дэмакрат Францішак Багушэвіч заклікаў нас, сваіх суайчыннікаў: «Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі! Пазнаюць людзей ці па гаворцы, ці па адзежы, хто якую носе; ото ж гаворка, язык і ёсць адзежа  душы”. Беларуская мова вельмі старажытная. Яна жыве ўжо шмат стагоддзяў. Нашы продкі тонка адчувалі слова, умелі зазірнуць у яго глыбіні.

        25 кастрычніка вучні пятых класаў змаглі праверыць свае веды па беларускай лексіцы, прыняўшы ўдзел у інтэлектуальнай гульні “Мова”. Традыцыйна лінгвістычны турнір адбыўся ў школьнай бібліятэцы. Падчас гульні вучні не толькі праявілі кемлівасць, уважлівасць і знаходлівасць, але і спрабавалі разгадаць таямніцы значэння беларускіх слоў, растлумачыць асаблівасці ўжывання іх у жывым маўленні.

      Зразумела, што адразу вывучыць усе словы немагчыма,  але калі ўвечары нехта скажа бацькам «Дабранач!” ці назаўтра павітаецца   «Добрай раніцы!”, то гэта будзе самым лепшым вынікам гульні.

Якія бываюць словы 
Цёплыя словы - сонца і хата, 
Лепшыя словы - мама і тата. 

Смачныя словы - хлеб і суніцы, 
Росныя словы - кветкі, крыніца. 

Чулыя словы - сын, калыханка, 
Ясныя словы - лета і ранак. 

Мудрыя словы - жыта і поле, 
Светлыя словы - вецер і воля. 

Даўнія словы - водгулле, род, 
Гордыя словы - звон і народ. 
Таццяна Мушынская