Справаздача аб правядзенні Тыдня беларускай мовы і літаратуры

Справаздача аб правядзенні Тыдня беларускай мовы і літаратуры

2018-2020 гады праходзяць пад знакам Года малой радзімы, што вельмі важна для нашай сучаснасці, напоўненай мабільнасцю, мітуснёй і ўсімі тымі перашкодамі, якія знішчаюць самыя галоўныя каштоўнасці чалавека.

У кожнага з нас ёсць свая малая Радзіма - той куточак, дзе мы нарадзіліся, дзе жывуць нашы бацькі і сябры, дзе знаходзіцца наш родны дом.

Для нас, магіляўчан, нашай малой радзімай з’яўляецца Магілёў – адзін з самых старажытных гарадоў рэспублікі.

“Магілёў – крыніца пачуццяў” - менавіта пад такой назвай з 11 па 16 лютага ў дзяржаўнай установе “Сярэдняя школа № 5 г. Магілёва” прайшоў тыдзень беларускай мовы і літаратуры, прысвечаны Году малой радзімы.Усе настаўнікі метадычнага аб’яднання і вучні прынялі актыўны ўдзел у падрыхтоўцы і правядзенні мерапрыемстваў.

Тыдзень адкрыўся фотагалерэяй “Я люблю Магілёў”, дзе вучні прадставілі фотаздымкі знакамітых і любімых мясцін нашага горада, і выставай газет “Знакамітыя людзі Магілёва”, у якіх расказалі пра выдатных спартсменаў, пісьменнікаў, мастакоў і скульптураў, гістарычных асоб.

Вучні V класаў пад кіраўніцтвам Буймістравай Г.А. сталі актыўнымі ўдзельнікамі брэйн-рынгу “Таямніцы вуліц магілёўскіх”. А настаўнік Паўлоўская А.А. правяла віртуальнае вандраванне “Сем цудаў Магілёва”. 

У гонар юбіляра, якому 6 лютага 2019 года споўнілася б 105 гадоў, для вучняў дзявятых класаў Бараўцовай С.А. быў праведзены рыцарскі літаратурна-забаўляльны турнір пад назвай “Таленты зямлі магілёўскай”.

Цвілікава Г.А. з вучнямі VIІ класаў накіравалася ў завочнае падарожжа “Выдатныя мясціны Магілёва”.

З мэтай выхавання павагі і цікавасці да гісторыі і культуры Магілёва, да літаратурнай спадчыны роднага краю вучнямі VI “В” класа пад кіраўніцтвам класнага кіраўніка Ісаевай А.А. была зроблена прэзентацыя “Магілёў – даўніна і сучаснасць”. Група вучняў правяла экскурсію для вучняў шостых класаў па знакамітых мясцінах сучаснага і старажытнага Магілёва.

Каб абудзіць цікавасць да мінулага і ўзгадаць старонкі жыцця і творчасці Аркадзя Куляшова, з вучнямі VI класаў Наседкіна М.В. падрыхтавала вусны часопіс “Наш знакаміты зямляк”. Шасцікласнікі атрымалі не толькі веды пра жыццёвы і творчы шлях пісьменніка, але папоўнілі свой кругагляд.

У фае школы была аформлена выстава малюнкаў “Магілёў – наш родны горад”. Многія вучні V-XI праявілі свае мастацкія здольнасці, намаляваўшы свае самыя любімыя мясціны ў горадзе.

А для тых, хто адчувае ў сабе паэтычны дар, хто любіць ствараць уласныя сусветы, быў праведзены літаратурны конкурс “Мой горад на Дняпры”. Найлепшымі былі прызнаны вершы Дорашавай Варвары “Мой Магілёў”, Сідарэнкі Арыны “Цудоўны заасад”, Зямцовай Кіры “Мой сон”, у якіх юныя паэты выказалі самыя шчырыя пачуцці любові і павагі да свайго роднага горада.

Тыдзень беларускай мовы і літаратуры закончыўся конкурсам талентаў “Магілёўскія зорачкі”, дзе вучні рознага ўзросту на суд журы прадставілі беларускія песні і вершы.