Конкурс прэзентацый прысвечаных 135-годдзю з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа

2017-ы год у нашай краіне праходзіць пад знакам 135-гадовага юбілею вялікіх песняроў беларускага народа, класікаў нацыянальнай літаратуры Янкі Купалы і Якуба Коласа.
“Творчасць Янкі Купалы і Якуба Коласа – гэта тыя вежы, з якіх мы, беларусы, бачым цэлы свет, і па якіх свет бачыць нас”, – так трапна вызначыў ролю нашых славутых песняроў беларускі паэт, празаік, перакладчык Віктар Шніп. І з гэтым цяжка не пагадзіцца. Якуб Колас і Янка Купала – выразнікі нацыянальнай самасвядомасці, народных пачуццяў. У сваіх творах яны раскрылі нацыянальны характар, асаблівасці духоўнага складу і жыцця беларусаў, выявілі незвычайную сілу і творчую магутнасць беларускага слова.
Гэта свята адзначаецца таксама і ў нашай школе. Так 27 красавіка вучні X-XI класаў прынялі актыўны ўдзел у конкурсе прэзентацый, прысвечаных 135-годдзю з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа. Пераможцы былі ўзнагароджаны дыпломамі і памятнымі падарункамі. Самыя лепшыя прэзентацыі прадэманстраваны ў фае другога паверха для вучняў першай і другой змены.