Усе мы родам з дзяцінства, усе мы нарадзіліся ў маленькіх ці вялікіх сем’ях. А ўявіце, што сям’я складаецца з шаснаццаці — дваццаці чалавек. Усе сямейнікі. Як разблытаць сямейны клубок, трапіўшы маладой ці маладому ў новую сям’ю?
Ды вельмі ўсё проста.
Прапануем дзелавую гульню «Хто ёсць хто ў вялікай сям’і?», тэмай якой з’яўляюцца сваяцкія сувязі. У чацвер, дваццаць шостага кастрычніка, вучні старэйшых класаў сталі яе героямі: гаспадар і гаспадыня (муж і жонка), нявестка і зяць (маладыя), нявестка, швагер, дзевер, залвіца, іншыя сваякі.
Старшакласнікі атрымалі заданне з кнігі Ф. М. Янкоўскага «Беларускія прыказкі, прымаўкі, фразеалагізмы» (раздзел «Сям’я і радня. Выхаванне ў сям'і. Сірата, удава, прымак. Каханне») выпісаць прыказкі і прымаўкі, якія датычацца тэмы «Сваякі». Прыказкі вызначаюцца сваёй змястоўнасцю, мудрасцю, глыбінёй думкі, даюць станоўчую ці адмоўную ацэнку чалавечым якасцям, услаўляюць высокія маральныя якасці ці, наадварот, высмейваюць чалавечыя заганы і недахопы, адным словам, адпавядаюць жыццёвай праўдзе. Перачытаем іх яшчэ раз, прыгледзімся да сябе і сваіх сваякоў. Пазналі каго-небудзь у іх? Лічыце сябе шчаслівымі, што ў вас шмат сваякоў і вы іх усіх ведаеце. Нават, калі яны дзясятая вада на кісялі.
Я плюс Я – сям’я.
Сям’я плюс сям’я – род.
Род плюс род – народ.
Народ плюс народ – людзі Зямлі…
Хай гэтая жывая карусель будзе вечнай, каб народ не згубіў повязь часоў, каб мацнелі сем’і,
на якіх трымаецца род і народ, іх слава і моц.
Уладзімір Ліпскі