Хто ёсць хто ў вялікай сям’і?

    Усе мы родам з дзяцінства, усе мы нарадзіліся ў маленькіх ці вялікіх сем’ях. А ўявіце, што сям’я складаецца з шаснаццаці — дваццаці чалавек. Усе сямейнікі. Як разблытаць сямейны клубок, трапіўшы маладой ці маладому ў новую сям’ю?

     Ды вельмі ўсё проста.

     Прапануем дзелавую гульню «Хто ёсць хто ў вялікай сям’і?», тэмай якой з’яўляюцца сваяцкія сувязі. У чацвер, дваццаць шостага кастрычніка, вучні старэйшых класаў  сталі яе героямі: гаспадар і гаспадыня (муж і жонка), нявестка і зяць (маладыя), нявестка, швагер, дзевер, залвіца, іншыя сваякі.

      Старшакласнікі атрымалі заданне з кнігі Ф. М. Янкоўскага «Беларускія прыказкі, прымаўкі, фразеалагізмы» (раздзел «Сям’я і радня. Выхаванне ў сям'і. Сірата, удава, прымак. Каханне») выпісаць прыказкі і прымаўкі, якія датычацца тэмы «Сваякі». Прыказкі вызначаюцца сваёй змястоўнасцю, мудрасцю, глыбінёй думкі, даюць станоўчую ці адмоўную ацэнку чалавечым якасцям, услаўляюць высокія маральныя якасці ці, наадварот, высмейваюць чалавечыя заганы і недахопы, адным словам, адпавядаюць жыццёвай праўдзе. Перачытаем іх яшчэ раз, прыгледзімся да сябе і сваіх сваякоў. Пазналі каго-небудзь у іх? Лічыце сябе шчаслівымі, што ў вас шмат сваякоў і вы іх усіх ведаеце. Нават, калі яны дзясятая вада на кісялі.

Я плюс Я – сям’я.

Сям’я плюс сям’я – род.

Род плюс род – народ.

Народ плюс народ – людзі Зямлі…

Хай гэтая жывая карусель будзе вечнай, каб народ не згубіў повязь часоў, каб мацнелі сем’і,

на якіх трымаецца род і народ, іх слава і моц.

                                                                                           Уладзімір Ліпскі