Па беларускай мове за курс сярэдняй школы вучні здаюць пераказ тэксту. Падрыхтоўка павінна пачынацца  загадзя, бо трэба не толькі паўтарыць правілы арфаграфіі і пунктуацыі, але і навучыцца працаваць з тэкстамі.
Большасць вучняў памылкова лічыць, што галоўнае - перадаць тэкст як мага бліжэй да арыгіналу. Між тым зусім не трэба імкнуцца пераказаць тэкст "слова ў слова", важна "выявіць галоўную думку (ідэю) твора ці ўрыўка, раскрыць яе праз перадачу зместу ў пэўнай паслядоўнасці , захоўваючы моўныя і стылёвыя сродкі ў адпаведнасці з ідэйна-мастацкай задачай зместу". Такі падыход дазваляе вучням выявіць свае творчыя магчымасці, а галоўнае - пазбегнуць цяжкасцей у напісанні. Так, амаль заўсёды можна замяніць сінонімам ці блізказначным слова, у напісанні якога вы сумняваецеся. Можна нават прапусціць слова, словазлучэнне, пэўную сінтаксічную канструкцыю, калі не памятаеце дакладна, як афармляць яе на пісьме (зразумела, такі пропуск магчымы толькі тады, калі ён не разбурае сказ, не робіць выказванне незразумелым). Можна змяніць парадак слоў у сказе, "падагнаць" яго пад правіла, якое вы ведаеце дакладна. Нарэшце, можна перабудаваць сказ (напрыклад, складаны бяззлучнікавы ў складаназлучаны ці складаназалежны, простую мову замяніць ускоснай, з аднаго складанага сказа зрабіць некалькі простых і г.д.). Словам, галоўная задача - знайсці аптымальны варыянт перадачы зместу тэксту і лепшага яго афармлення. Гэта задача пад сілу падрыхтаваным да такога віду творчай працы, як пераказ.
Пры самастойнай падрыхтоўцы можна параіць  дапаможнік, складзены С.І. Цыбульскай. Структура яго адпавядае зместу школьнай праграмы па беларускай мове. Аднак некаторыя пытанні разглядаюцца больш падрабязна, іншыя толькі агаворваюцца, нагадваюцца. Такі падыход да выкладання матэрыялу - вынік шматгадовых назіранняў і аналізу работ абітурыентаў розных навучальных устаноў г. Мінска. Таму ў адным параграфе вы знойдзеце тлумачэнні, парады, разважанні, у другім - схемы і табліцы, у трэцім - "сухія" правілы.
Задача вучняў - прааналізаваць тэарэтычны матэрыял. разабрацца ў ім, зразумець, што трэба завучваць (напісанні, правілы пастаноўкі знакаў прыпынку, асаблівасці беларускага сінтаксісу), а што - асэнсаваць.
Падрыхтоўка да экзамену ў форме пераказу мае сваю спецыфіку. Такі від работы, як дыктант, патрабуе пэўнага ўзроўню развіцця слыхавай (маторнай) памяці; рыхтуючыся да тэсту. неабходна развіваць найперш памяць зрокавую. Якаснае напісанне пераказу патрабуе даволі высокага развіцця абодвух відаў памяці. Таму заданні, змешчаныя ў дапаможніку, арыентаваны на развіццё і слыхавай, і зрокавай памяці.
Разам з тым многія практыкаванні арыентаваны на развіццё і ўдасканаленне камунікатыўных навыкаў (уменняў дакладна ўжываць словы, захоўваць іх лексічную спалучальнасць, будаваць словазлучэнні і сказы, пераказваць тэкст з захаваннем пэўных стылёвых асаблівасцяў).
Абавязкова выконвайце ўсе практыкаванні - гэта дапаможа вам замацаваць веды па тэорыі, выпрацаваць уменне карыстацца правіламі на практыцы.
Кожны раздзел дапаможніка змяшчае заданне напісаць пераказ тэксту. Гэтыя тэксты, як правіла, меншыя за тыя, што даюцца на экзаменах, аднак не варта пачынаць адразу з вялікіх: справіцца з імі можна толькі пасля пэўнай падрыхтоўкі. Пасля таго як  пераказ напісаны яго неабходна праверыць  , вярнуцца да тэксту, прааналізаваць найбольш цяжкія напісанні, растлумачыць пастаноўку знакаў прыпынку, адзначыць магчымую пунктуацыйную варыянтнасць. Для таго каб  веды былі больш трывалымі, а ўменні дасканалымі, пасля кожнага практычнага задання неабходна выканаць работу над памылкамі. Гэта найбольш дзейсная прафілактыка памылак:  прааналізаваць моўную з'яву, успомніць адпаведнае правіла, самастойна падабраць прыклады на гэта правіла - словам, асэнсаваць, чаго раней не ведаў і на што трэба яшчэ раз звярнуць увагу.
Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь падрыхтаваны "Зборнік экзаменацыйных матэрыялаў па беларускай мове за курс сярэдняй школы (тэксты для пераказу), які варта мець кожнаму, хто рыхтуецца здаваць экзамен у форме пераказу ў школе.
Бясспрэчна, лепш рыхтавацца да экзамену пад кіраўніцтвам спецыяліста - настаўніка, выкладчыка падрыхтоўчых курсаў, рэпетытара. Але, калі гэта немагчыма, не трэба адчайвацца: дапаможнік якраз разлічаны на самастойную працу абітурыентаў, у ім ёсць раздзел "Адказы да практыкаванняў",які дапаможа вам праверыць сябе.
Усе пытанні, якія ўзнікаюць  пры працы з тэарэтычным матэрыялам, практыкаваннямі, тэкстамі, абавязкова трэба занатаваць (можна адвесці для гэтага некалькі старонак у рабочым сшытку), каб потым задаць іх на кансультацыі, якая звычайна праводзіцца напярэдадні экзамену.
Вопыт правядзення цэнтралізаванага тэсціравання пры паступленні ў сярэднія і вышэйшыя навучальныя ўстановы паказаў, што гэта форма ацэньвання заваёўвае ўсё большую папулярнасць. Такая форма дазваляе аб'ектыўна ацаніць веды кожнага выпускніка, забяспечвае навучэнцам роўны доступ да атрымання вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Таму асноўным відам  уступных іспытаў па асобных школьных дысцыплінах, у тым ліку і па беларускай мове,  становіцца тэсціраванне.
Тэсціраванне мае на мэце праверку ступені валодання выпускнікамі школ усімі літаратурнымі нормамі беларускай мовы — арфаэпічнымі, лексічнымі, акцэнталагічнымі, граматычнымі, стылістычнымі, арфаграфічнымі і пунктуацыйнымі.
Пры арганізацыі падрыхтоўкі да тэсціравання настаўніку неабходна перш за ўсё вывучыць асаблівасці работы з тэстам, пажадана самому выканаць тэставыя заданні, пры гэтым зафіксаваць час на іх выкананне. Наступным этапам работы настаўніка павінен стаць аналіз саміх заданняў тэсту: ступень цяжкасці кожнага задання, яго суаднесенасць з пэўным раздзелам граматыкі, характар уменняў, неабходных для выканання таго ці іншага задання. Да заканчэння першага паўгоддзя неабходна правесці ў выпускных класах пробнае тэсціраванне па прапанаваным ніжэй тэсце або па тэстах, складзеных самім выкладчыкам. Праверка выкананых работ дазволіць настаўніку выявіць прабелы ў ведах выпускнікоў, вызначыць цяжкасці, з якімі яны сутыкнуліся пры выкананні работы.
3 другога паўгоддзя па ўсіх прадметах, у тым ліку і па беларускай мове, пачынаецца актыўнае паўтарэнне пройдзенага матэрыялу. Да яго пачатку пажадана аптымальна спланаваць работу па паўтарэнні з улікам навучанасці школьнікаў, патрабаванняў да ведаў і ўменняў вучняў, вызначаных школьнымі праграмамі па беларускай мове і неабходных для паспяховага выканання тэставай работы.
Настаўнік мае права ўнесці неабходныя, на яго думку, змены ў размеркаванне колькасці гадзін на вывучэнне асобных тэм, прапанаванае ў праграме па беларускай мове, вызваліўшы час на арганізацыю сістэматычнага паўтарэння.
Вельмі важна навучыць дзяцей правільна   размяркоўваць   час   пры   выкананні  тэставых заданняў, умець пераключаць увагу з адной тэмы на другую, параіць выконваць тыя заданні, якія пададуцца ім больш лёгкімі, бо кожнае правільна выкананае  заданне  дабаўляе  балы.
Вучні павінны ведаць, што на выкананне тэставай работы адводзіцца 110 хвілін, у кожным заданні можа быць 1, 2 і больш правільных адказаў, перад пачаткам работы неабходна ўважліва прачытаць фармулёўку задання.
Тэст складаецца з дзвюх частак, у якія будуць уваходзіць заданні пяці ўзроўняў складанасці. У першай частцы выкарыстоўваюцца заданні закрытага тыпу (даюцца варыянты адказаў, а вучні выбіраюць правільны адказ) і адкрытага тыпу (вучні самі запісваюць адказ).
Экзамен у любой форме — сітуацыя экстрэмальная, таму выпускнікам важна псіхалагічна падрыхтавацца да гэтага: настроіць сябе на пазітыўныя адносіны да будучых іспытаў, навучыцца канцэнтраваць увагу,  кантраляваць свае  эмоцыі.
Для таго каб упэўнена і паспяхова выканаць заданні тэсту, вучням карысна:
♦ спакойна абдумаць пытанні;
♦ рацыянальна выкарыстаць адведзены час: спачатку выканаць тыя заданні, якія пададуцца больш простымі, пасля — больш складаныя;
♦ не спяшацца з адказамі, уважліва ўчытвацца ў заданні;
♦ правільна і дакладна запісваць адказы ў бланк, не спяшаючыся запаўняць яго адразу; лепш гэта зрабіць пасля праверкі задання.
Паспяховасць выканання тэставых заданняў. забяспечваецца правільным падыходам да выкарыстання сваіх ведаў, уменняў, навыкаў, а таксама псіхалагічных рэсурсаў.
Апошнім часам у продажы з'явілася шмат дапаможнікаў з тэстамі па беларускай мове, аднак пры падрыхтоўцы да тэсціравання пажадана выкарыстоўваць толькі тыя, што маюць грыф Міністэрства адукацыі.